ТУФ ВУЛКАНІ́ЧНЫ,

вулканічная горная парода, утвораная ў выніку цэментацыі цвёрдых прадуктаў вывяржэння вулкана. Адрозніваецца паводле складу (базальтавы, андэзітавы, ліпарытавы і інш.), паводле характару і памеру абломкаў (літакластычны, крышталекластычны, вітракластычны і мяшанага складу; груба-, буйна-, сярэдне- і тонкаабломкавыя). Колер жоўты, аранжавы, ружова-фіялетавы, чырв., карычневы, шэры і чорны. Шчыльн. 1,22—2,25 г/см³, трываласць 140—820 кг/см². Высокія дэкаратыўныя якасці. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і сценавы матэрыял, напаўняльнік лёгкіх бетонаў і інш. Радовішчы ў Арменіі, Італіі, Ісландыі і інш.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)